Тыдні беларускай мовы і літаратуры ў нашай школе заўсёды з’яўляюцца яркай і запамінальнай падзеяй. Не стаў выключэннем і гэты, які прайшоў з 21 па 26лютага 2022 года. На другім паверсе школы былі аформлены інфармацыйныя стэнды і выставы. Лектарская група ў складзе вучаніц 10 класа Плявака Міланы і Кананчук Настассі правяла для вучняў і настаўнікаў школы праграму-анонс мерапрыемстваў.
Агульны цёплы, душэўны настрой надаў усяму Тыдню першы дзень, які прайшоў пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”.
Дзень атрымаўся вельмі насычаны рознымі сюрпрызамі! З самай раніцы на другім паверсе школы была арганізавана акцыя“Усміхніся, павітайся па- беларуску – атрымай цукерку”. Гэтая акцыя выклікала у вучняў здзіўленне і непадробную цікавасць!
Пад час перапынкаў у вучняў і настаўнікаў школы была магчымасць далучыцца да аматараў беларускай паэзіі і музыкі. Усе з захапленнем слухалі вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і інш., а таксама песні на словы гэтых жа аўтараў.
У гэты ж дзень настаўнік беларускай мовы і літаратуры Паўлюкавец Алена Данілаўна правяла з вучнямі 10-11 класаў конкурс-праект пад назвай “Свая гульня”, прысвечаны Году гістарычнай памяці”. У час гэтага мерапрыемства дзеці завочна пабывалі ў розных куточках Беларусі, на радзіме знакамітых пісьменнікаў і паэтаў, пагаварылі пра багацце роднай мовы і літаратуры, славутых пісьменнікаў і паэтаў нашай Бацькаўшчыны.
Аўторак пачаўся з акцыі “Далучы сваю далонь”. У рамках гэтай акцыі вучні і настаўнікі маглі на выявах далоні напісаць свае пажаданні роднай мове!Пажаданні росквіту і дабрабыту, незалежнасці, радасці, святла, міру – у большасці тых пажаданняў, што напісалі нашы вучні на далоньках.
Актыўна і з вялікай цікавасцю вучні прынялі ўдзел у флэшмобе #СмакРоднайМовы#. Былі зняты відэаролікі і выкладзены ў сацыяльных сетках.
22 лютага з вучням і 8-9 класаў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Паўлюкавец Аленай Данілаўнай была праведзена інтэрактыўная віктарына ”Гонар і слава беларускай літаратуры”. (Да 140-годдзя з Дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы). Пад час мерапрыемства вучні змаглі прайсці па сцяжынках жыцця і творчасці волатаў беларускай літаратуры.
У сераду 23 лютага быў арганізаваны кінаклуб “Класіка беларускага кінематографу. Вучні з цікавасцю яшчэ раз паглядзелі любімыя фільмы, знятыя па творах беларускіх пісьменнікаў.
У чацвёрты дзень Тыдня беларускай мовы і літаратуры быў праведзены конкурс творчых работ “Вокладка любімага твора”.
У гэты ж дзень прайшла акцыя “Фізкультхвілінкі па–беларуску”, якая аб’яднала ўсю школу: настаўнікі ўсіх прадметаў у гэты дзень праводзілі іх на беларускай мове.
У пятніцу 25 лютага настаўнікі пачатковых класаў у рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры правялі віктарыну “У свеце беларускай мовы” для вучняў 1-4 класаў. Нашы пачаткоўцы вандравалі ў гэты дзень па краіне беларускіх казак. І спасцігалі вопыт нашых продкаў.
Своеасаблівым фіналам гэтага дня стала інтэлектуальная гульня“Жыву ў Беларусі – і тым ганаруся”, арганізаваная і праведзеная настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Катовіч Вольгай Міхайлаўнай.Асалода, здзіўленне, адкрыццё – тыя пачуцці, што выклікала мерапрыемства ў вучняў 5-6 класаў.
У суботу 26 лютагабібліятэкарам школы Белянец Інай Мікалаеўнай была праведена віктарына “Знакавыя асобы беларускай літаратуры”з вучнямі 5-8 класаў. Вучні чыталі вершы, адказвалі на пытанні, разгадвалі загадкі і рэбусы, чыталі падрыхтаваныя паведамленні.
А закончыўся Тыдзень беларускай мовы і літаратуры падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем самых актыўных яго ўдзельнікаў.
Па выніках прадметнага Тыдня аформлена папка.
















